3 февраля 2019 г.

Канвелішкі

"Канвелішкі" (Пётр Сямінскі)

Ля рэчанькі халоднай, хуткаплыннай
З загадкаваю назваю Жыжма
Жыла вольналюбівая дзяўчына
Звычайная сялянка, не княжна.
Гады яе складаліся нягегла
Ў хацінцы, што хавалася ў бары,
Ад мачыхі яна аднойчы збегла
Халоднай ноччу травеньскай пары.

У змроку аж на золаку суровым
Зязюля не адлічвала гады.
Дачка найпрыгажэйшая Дайновы
Заснуць магла там нават назаўжды.
Душа яе была амаль не ў целе
Імкнулася да неба адыйсці,
А ландышы пад ветрам зіхацелі,
Званочкамі спявалі аб жыцці.

З-за іх напеву ачуняла дзева,
Жадала бегчы, ледзь стрымала крык:
Дзявочую касу з карэннем дрэва
Заплёў дзеля забавы лесавік.
Ён выйшаў на паляну і прамовіў:
Жывая ты з-за ландышаў лясных,
Плаці за вызваленне кветкай новай:
Скаваных з меддзю кучараў тваіх!
Хачу каб ты да ночы мне прыдбала:
Сем ландышаў, як лекі ад нуды,
З дзявочых валасінак і з металу,
А не паспееш, трапіш на клады.

Бяжыць дзяўчо і плача гучна, горка…
Вось бачыць за ляском гандлёвы пляц,
За вёскаю шэсць кузняў на пагорку,
Далей за тванню Нанхарда Палац…

Яна да кузняў. Здзек лесавіковы
Усім пераказала кавалям,
Адрэзала касу каб тэрмінова
Было з чаго здзяйсняць загад майстрам.

Барадачы бароды пачасалі,
Збіраліся над дзеўкаю пакпіць,
Бо гэткіх кветак век тут не стваралі,
Ды й кучараў магло ўсім не хапіць.
Усе па аднаму да надвячорка
Паабяцалі ландышу стварыць.
А з сёмым што? Зноў дзеўка плача горка…
Надзея на жыццё ізноў гарыць…

Пяць кавалёў стамлёных барадатых,
Прынеслі  ландышы, нібы з грады,
А  два прынёс Мікіта зухаваты,
Хоць лысы стаў ён і без барады.
Дзяўчо лесавіку ва ўзнагароду
Аднесла творы здатных кавалёў.
З ухмылкай той ёй дараваў свабоду,
З ягоных раіў уцякаць краёў.

Дачку найпрыгажэйшую Дайновы
Спыніла трапных думак чарада:
Нашто ёй свет якісь далёкі, новы,
Дзесь побач ёсць Мікіткі барада!
Мо да яе і трэба прытуліцца
І лашчыцца ажно да скону дзён,
Не можа больш прывабны дзесь з’явіцца,
Мікіта — самы лепшы маладзён!

Гуло наўкол вяселле апантана,
Гасцям было замала тры быка…
І кожны год па ландышу каваным
Дарыў Мікіта для лесавіка…
Дайнова дзень той доўга ўспамінала,
Вясна ледзь напаўняла паплавы,
І каляровы ландыш вышывала
На лішках саматканае канвы…

Пра тое што было лепш і не скажаш
Але ўсё гэта сапраўды было…
Канвелішкі, што па літоўску — ландыш,
Займела назву новае сяло.

Комментариев нет:

Отправить комментарий