17 января 2017 г.

Мой сорак пяты лёс

"Мой сорак пяты лёс" (Пётр Сямінскі)













Мігцяць ліхім калейдаскопам
Непадуладныя гады,
І налятаюць думкі скопам:
Міне жыццё, а што тады?…
Быў небарака я з юнацтва.
Радня, як кветка, адцвіла,
А мне, без страху святатацтва,
Ніць сувязі з былым дала.
Праз неабуджаныя вейкі,
Нібыта казачны міраж,
Я заўважаў туманны нейкі
Мінулых будзен эпатаж.
Цяпер у вершах давядзецца
Хаваць ад жонкі і дзяцей
Да той, што раптам падкрадзецца,
Аж сорак пяць маіх смярцей.
Гараць усіх нягод хімеры,
Што вёз на ўласным я гарбе…
Рэінкарнацыі я веру,
І нават больш, чым сам сабе.
Дык кім быў я ў часы былыя,
Калі не ў гэтым целе рос?
Жыцця таемныя тылы я
Шукаю за чадрой нябёс…
Каб Русь прыкрыць ад ліхадзея,
Даглядваў пушчу за Дняпром.
Для Беллінсгаўзена Фадзея
Пракладваў шлях супроць вятроў.
Дзяўчынкай быў надзіва добрай,
Ахвяраванай Перуну,
Служыў цырульнікам прыдворным,
Мо нейкіх тры жыцця таму.
Салдатам гінуў сярод жыта,
Жанчынай быў з сынком малым…
Усё, што некалі пражыта,
Віруе ў марах аб былым.
Масты палохаюць і плёсы:
Не раз знікаў я пад вадой…
Якія будзенныя лёсы
Эпох прыкрыты парахнёй.
Дзівосны нораў чалавечы:
Ці насам рэч, ці ў сне прынёс
Святлом маланкі над пустэчай
Ці то чужы, ці мой жа лёс.
Стагоддзі, нібыта халдзеі,
Праз вір чаканняў і навал
Нам ладзяць з прывіднай надзеі
Жыцця і смерці карнавал…

Комментариев нет:

Отправить комментарий