16 декабря 2016 г.

Слёзы Пяруна

"Слёзы Пяруна" (Пётр Сямінскі)










Ёсць мара парушыць будзённасці руны
І плыць у былым супраць часу ракі,
Дзе тысячагоддзі служылі Пяруну
І верай, і праўдай мае землякі.
А ён, каляснічнік, па воблаках несся,
І чула паўсвета той колавы стук,
І стрэлы маланак пускаў з паднябесся
Ягоны грымучы вясёлкавы лук.
Вужаку іскрыстую метэарыта
Не раз ён адводзіў у бок ад Зямлі…
У бездані жорсткіх праяў першабыту
Стагнала планета, а людзі жылі.
А пчолы-маланкі за гібеллю следам
Дарылі надзеі Пярунавы мёд,
І шчырымі знічкамі плакала неба:
- За што так разумны пакутуе род?
І кожная слёзка ляцела ў дубровы,
І роем хавалася ў цёплую борць…
Па кропельках шчасце вучыў Бог суровы,
Як мёд здабываць, а бяду пабароць.
А сам назіральнікам хмарамі несся,
Глядзеў на зямлян, нібы паніч на слуг…
Калі ж яго сын пратыкнуў паднябессе,
Ці ён знік, ці люд да Пяруна аглух?
Ты дзе, Грамавержац?
Надхмарныя коні
Ніяк не дагоняць міжзорных ракет…
Падчас навальніцы лаўлю я ў далоні
Слязу, якой плача мінулы Сусвет.

Комментариев нет:

Отправить комментарий