12 октября 2018 г.

Воранава

"Воранава" (Пётр Сямінскі)

Жыў пан у выбітным маёнтку недзе,
Жадаў заўжды ён болей і ўсяго.
Ад ворагаў, някліканых суседзяў
Быў воран верным стражнікам яго.
Птах чорны быў наглядчыкам заўзятым,
Ён са страхі сачыў за ўсім дваром…
Адзін пан, там другі, а там і … пяты
Ў маёнтку тым змяняў гаспадароў.
А воран застваўся бессмяротным,
Ён жыў на свеце больш трох соцен год!
Ягоны лёс быў ціхі, бесклапотны,
А ён жадаў і працы, і турбот.
Калі ў паноў не мелі справы ладу,
Яны йшлі ў хлеў, што воран вартаваў,
Нашэптвалі жаданні, як загады,
Да рання іх хтось здзейсніць паспяваў!
Захоча пан сабе вятрак каменны,
Наранку гмах стаіць для млынароў,
Застогне аб насенні непадменным,
Купец з ім едзе з дальніх хутароў.
Ледзь засумуе, што ў святліцы цёмна,
Хтось вокны замяніць не праміне,
Захоча прыгажуню аж з-за Нёмна,
Яна ў карэце ў госці завярне.
З часамі ўсё больш прагным і нахабным
Рабіўся кожны воранаўскі пан.
Апошні пажадаў каб львом сапраўдным
Абараняўся дом яго і стан.
Народ тады да плётак быў ахвочы,
Але падгледзеў нехта з батракоў,
Як пасярод звычайнай цёмнай ночы
Стаў чорны воран вабным юнаком!
Ён здзейсніў пана хцівае жаданне:
Ператварыўся ў клетку крохкі хлеў,
На срэбным ланцугу перад світаннем
Сядзеў жывы з бліскучай грывай леў!
Той жоўты леў па-за чырвоным плотам,
Якая б ні была вакол пара,
І ў радасцях жыццёвых, і ў самотах
Гярбом лічыўся панскага двара…
Калі зязюля нагадала з гаю,
Што скончыцца і воранавы век
Праз год адлік, які ад Бога мае
Зямны звычайны самы чалавек,
Свой чарадзейны дар, што меў адвеку,
Апошні раз мог птах апрабаваць…
Стаў воран назаўсёды чалавекам,
Каб жыць, сталець, каб мроіць і ствараць.
Ён ведаў таямніцы рэк і лесу,
Як перамогі дасягае мужны леў,
Ён ведаў, як кахаць саму прынцэсу,
І як здзяйсняць жаданні каралеў.
Яго сям’я была зусім звычайнай:
Хаціна, жонка, дзеці і жніўё…
Без цудаў час свой працы прысвячаў ён,
Здзяйсняў так шчасце цяжкае сваё.
Не гаравалі праўнукі і жонка,
Зайздросціў люд здзяйсненням малайца,
Як рай яму – радзімая старонка
Была с пачатку лёсу, да канца.
Гады мінулі. Толькі пагалоска
Пра ворана гучала і пра льва…
Мясцовы люд амаль аднагалосна
Мястэчка называў – Воранава!

Комментариев нет:

Отправить комментарий